ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,

1) на сушы — заканамерная і паслядоўная змена паясоў геаграфічных ад экватара да полюсаў (шыротная пояснасць), ад падножжа гор да вяршынь у залежнасці ад вышыні (вышынная пояснасць) і зон геаграфічных у межах гэтых паясоў. Шыротная пояснасць выклікана пераважна нераўнамерным размеркаваннем прамянёвай энергіі Сонца паводле геагр. шыраты. Вышынная пояснасць абумоўлена заканамерным для трапасферы паніжэннем т-ры (каля 0,6 °C на 100 м). У межах шыротнай і вышыннай пояснасці З.г. ўскладняецца мясц. адрозненнямі ва ўмовах увільгатнення, араграфічных і літалагічных асаблівасцей тэрыторыі, уздзеяннем цыркуляцый атмасферы і акіянічных цячэнняў. Найб. З.г. адлюстроўваецца ў занальнасці глеб, расліннасці, кліматычных асаблівасцей і інш. 2) У акіяне назіраецца менш выразная паверхневая (або шыротная), вертыкальная (або глыбінная да 1500—2000 м) і донная занальнасць. Найб. выразна З.г. шыротная праяўляецца да глыб. 100—150 м, дзе фарміруюцца асн. ўласцівасці Сусв. ак. пад уздзеяннем сонечнай энергіі. На фоне занальных назіраюцца прыродныя ўтварэнні азанальнага характару, якія могуць перасякаць некалькі зон (даліны рэк) або знаходзіцца ў розных зонах (балота і інш.) і пры гэтым захоўваць асабістыя ўласцівасці. Гл. арт. Азанальнасць, Азанальная расліннасць і інш.

В.С.Аношка.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)